Шаноўнае спадарства! 2020 год стаў адпраўной кропкай у гісторыі, калі мы адчулі плячо адзін аднога, пабачылі, якой фантастычнай сілай можа быць наша салідарнасць. Дастаткова было працягнуць адзін адному руку дапамогі.
Мы хацелі б адзначыць тых, хто натхняў і здзіўляў, даваў надзею і не апускаў рукі нягледзячы ні на што. Для гэтага мы заснавалі Global Belarusian Solidarity Award!
Ствараючы гэту ўзнагароду, мы ставілі сабе за мэту адрэфлексаваць мінулы, абсалютна выключны для нашага грамадства год. Гэта ўзнагарода магла б дастацца кожнаму, хто адкрыў у сабе ашаламляльную ўнутраную сілу для барацьбы з цемрай і хамствам. Не важна, хадзілі вы на мітынг ці малявалі надпісы на «Табакерцы», пісалі пасты ў сацыяльных сетках ці адмовіліся выконваць злачынны ўказ. Ваш учынак мае значэнне!
Мы захапляемся кожным з іх, але з упэўненасцю можна сказаць, што ўсё гэта было б немагчыма без людзей, якія не пабаяліся першымі раскалоць лёд рэпрэсіяў і паказаць, што кожны з нас не самотны ў сваім змаганні з несправядлівасцю і сярэдневеччам у еўрапейскай краіне XXI стагоддзя.
Намінанты прэміі Global Belarusian Solidarity Award будуць абвешчаныя падчас Канферэнцыі салідарнасці з народам Беларусі. Мерапрыемства пачнецца 6 лютага ў 18:00 па мінскім часе. Сачыць за Канферэнцыяй можна будзе на Youtube-канале ініцыятывы «Беларусы замежжа».