Палітвязні ў сваёй большасці прайшлі наступны шлях:
1) ізалятар часовага ўтрымання (скарочана – ІЧУ);
2) следчы ізалятар (СІЗА);
3) папраўчая калонія, папраўчая калонія паселішча ці турма.
У гутарковай мове ўсё пералічанае называюць «турма». У турме людзі размяшчаюцца па камерам (накшталт СІЗА), і ўмовы больш цяжкія, чым у калоніі, дзе зняволеныя ў асноўным размяшчаюцца калектыўна ў карпусах, як у арміі. У залежнасці ад месца пазбаўлення волі ўмовы для палітычных зняволеных розняцца. Пры гэтым парушаецца не толькі міжнароднае, але і дзейснае беларускае заканадаўства, на якім мы і сканцэнтруем увагу.
Палітычных зняволеных у СІЗА цягам першага тыдня пасля ІЧУ выклікаюць у адміністрацыю і ставяць на прафілактычны ўлік «схільны да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасці» ці (і) «схільны да захопу закладнікаў, праяве агрэсіі, нападу на адміністрацыю». Другі тып уліку часцей выкарыстоўваецца да людзей, якія трапілі ў турму па артыкулам, звязаным з супрацівам. Пры гэтым зняволеным гавораць, што гэта толькі «унутраны прафулік» для СІЗА. Насамрэч гэта рашэння будзе распаўсюджана на ўвесь тэрмін зняволення. У тым ліку і на тэрмін пагашэння судзімасці пасля вызвалення.
У калоніі і турме дадзеныя аб прафуліку адлюстроўваюцца на форме палітзняволенага і прадметах, датычных да яго (лыжка, тумба, асабістая шафа і г.д.). Палітвязень пазначаецца жоўтай біркай. Таксама там змяшчаюцца анкетныя дадзеныя, артыкул і тэрмін зняволення.
На падставе гэтага палітычным зняволеным уводзяць шматлікія абмежаванні:
- Дадатковыя пастраенні і праверкі
- Абмежаванні ў колькасці званкоў сваякам
- Забарона ў перадачах на дадатковую літаратуру
- Абмежаванні ў атрыманні лістоў (толькі ад прамых сваякоў)
- Абмежаванні ў выпісцы газет і часопісаў
- Абмежаванні ў атрыманні лекаў
- Фармальнае аказанне медычнай дапамогі
- Працяглыя тэрміны ў ШІЗА (штрафны ізалятар)
- Абавязковае прыцягненне да дысцыплінарнага спагнання
- Дадатковая праца.
Гэтыя абмежаванні парушаюць прынцып роўнасці асуджаных перад законам, асноўных праў асуджаных, права на перапіску, права на атрыманне літаратуры, права застасавання мераў спагнання да асуджаных, прадугледжаных згодна з арт. 6, 10, 85, 89, 101 ч.3, 113 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Вышэйпералічаныя парушэнні існуюць, хоць у Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь за іх прадугледжана адказнасць: арт.185 «Прымус», арт.190 «Парушэнне раўнапраўя грамадзян», арт.197 «Пераслед грамадзян за крытыку», арт.424 «Злоўжыванне ўладай», арт.425 «Бяздзейнасць службовай асобы», арт.426 «Перавышэнне ўлады». Гэта сведчыць аб тым, што ў Беларусі здарыўся прававы дэфолт, які фармуе ў супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы прававы нігілізм і безадказнасць. Праваабаронцы і палітзняволеныя пазбаўлены механізма рэагавання на дадзеныя парушэнні прававым спосабам унутры краіны. Усе заявы аб парушэннях застаюцца без адпаведнага рэагавання. Аднак праваабаронцы працягваюць працу па збору доказаў і прыцягненню да міжнароднай адказнасці вінных.